Трагедыя пад Дзяржынскам: пад лёд праваліліся трое рыбакоў

У аграгарадку Дворышча пад лёд праваліліся трое рыбакоў. На месцы працуюць ратавальнікі. Цела аднаго дасталі.

28.11.2022 / 09:26

Усё адбылося ўчора ўвечары, 27 лістапада, у аграгарадку Дворышча на мясцовым вадаёме (сажалка-копань). У 22:51 ў Дзяржынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіў сігнал, што на вадаёме, магчыма, патанулі тры чалавекі. Праз 15 хвілін да месца здарэння прыбылі ратавальнікі, паведамляе мясцовы сайт.

Паблізу палонкі на адлегласці 6 метраў ад берага знайшлі асабістыя рэчы рыбакоў. Са слоў сваякоў, з 9 вечара мужчыны перасталі выходзіць на сувязь. Усе трое зніклых — мясцовыя жыхары. Адзін 1971 г. н. і яшчэ двое — 1988-га.

У ходзе выратавальнай аперацыі работнікам Дзяржынскага РАНС тым жа вечарам удалося дастаць з вады цела аднаго з патанулых. Раніцай да месца выехалі таксама прафесійныя вадалазы. Пошукі працягваюцца.

У МНС нагадваюць: забаронена выходзіць на неакрэплы лёд, а таксама выходзіць на лёд у цёмны час сутак, у непагадзь і ва ўмовах дрэннай бачнасці. Рыбакам цяпер рэкамендуюць устрымацца ад лоўлі рыбы.

Nashaniva.com