Палітвязня Сяргея Савіча асудзілі на тры гады калоніі за адно паведамленне ў тэлеграме

Палітвязня Сяргея Савіча прызналі вінаватым у тым, што 15 снежня 2020 года ён пакінуў каментар у тэлеграм-чаце «Пинск для жизни». Згодна з пазіцыяй абвінавачання, гэтым ён заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Судовы працэс разглядала суддзя Валянціна Куніцкая, бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Аляксей Ярошык, піша «Вясна».

28.11.2022 / 17:03

Сяргей віну не прызнаў і сказаў, што не памятае, каб пісаў такі каментар. Аднак мужчына адзначыў, што для яго не характэрнае такое выказванне і, хутчэй за ўсё, па спасылцы на YouTube, якую ён таксама пакідаў (відэа неўзабаве было выдаленае), быў ролік з нейкім грубым парушэннем закона, праз што ён мог пакінуць такое эмацыйнае выказванне.

Каментар, за які судзілі Сяргея Савіча

Акрамя таго, на судзе Савіч сказаў, што частка яго знаёмых і сваякоў працуюць у органах, а пра іх ён не мог сказаць такое, што напісана ў паведамленні. Пра пакіданне такога некарэктнага каментара ён шкадуе, але падкрэсліў, што сам ён ніяк не звязаны з пратэстамі агулам.

Тым не менш, пракурор Ярошык папрасіў прызначыць мужчыну пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі, а суддзя пагадзілася з гэтым тэрмінам.

Сяргея Савіча затрымалі ў пачатку жніўня 2022 года ў Пінску. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост з тэлеграм-канала, але пасля «сутак» ён не выйшаў на волю. Тады стала вядома, што ў адносінах да Савіча таксама заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. 

Nashaniva.com