Мужчына, які выбег на поле ў цішотцы з заклікам ратаваць Украіну, ездзіў туды як валанцёр

Учора падчас гульні Партугалія — Уругвай на чэмпіянаце свету заўзятар зладзіў палітычны перформанс: ён выбег на поле з вясёлкавым сцягам і ў футболцы з заклікамі паважаць іранскіх жанчын і ратаваць Украіну. 

29.11.2022 / 07:52

Фота: Aijaz Rahi / AP

У сеціве хутка ідэнтыфікавалі мужчыну. Ім аказаўся італьянец Марыё Феры, які раней прыязджаў ва Украіну валанцёрам і дапамагаў бежанцам трапіць у Польшчу.

«Я раблю гэта сам. Я плачу за ўсё і нічога не хачу ўзамен. На днях я ледзь не пабіўся, таму што ўбачыў, як мужчына просіць грошай за тое, што раблю я. Гэта недапушчальна, людзі тут даведзеныя да роспачы і нельга рабіць на гэтым бізнэс. Я еду ў Львоў, шукаю людзей, якім патрэбная дапамога. За межамі Украіны поўна людзей, якія гатовыя дапамагчы, але ва Украіне многія непакояцца, што з імі можа нешта здарыцца. І я ім дапамагаю», — расказваў Феры ў адным з інтэрв’ю.

Таксама ў італьянца ёсць татуіроўка з гербам Украіны.

Nashaniva.com