Памёр акцёр Купалаўскага тэатра Фама Варанецкі

«Сумная навіна. Пайшоў з жыцця праўдзівы купалавец, наш добры сябра, настаўнік і натхняльнік, акцёр і мастак Фама Варанецкі. Светлая памяць, спачуванні родным і блізкім», — напісалі «Свабодныя Купалаўцы».

30.11.2022 / 09:16

Фама Варанецкі нарадзіўся 23 сакавіка 1938 года ў Траскоўшчыне пад Мінскам. Заслужаны артыст Беларусі (1990).

Быў акцёрам Коласаўскага тэатра ў Віцебску, акцёрам Купалаўскага — з 1971 года. З 1990 выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў (прафесар).

Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у тэатры імя Я. Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і пакаранне»), Леанідзік («Мой бедны Марат»), Віктар («Варшаўская мелодыя»); у тэатры імя Я. Купалы: Салянік («Радавыя»), Паніч («Раскіданае гняздо»), Жабрак («Страсці па Аўдзею»), Настаўнік («Безыменная зорка»), Клеон («…Забыць Герастрата!»).

Nashaniva.com