Найлепшыя песні года: вось каго слухаў свет у 2022-м

Стрымінгавы сэрвіс Spotify падвёў вынікі 2022 года і назваў самых папулярных артыстаў, найлепшыя песні і альбомы. Вось каго часцей за ўсё слухалі і рэпосцілі карыстальнікі сэрвісу.

02.12.2022 / 20:43

Bad Bunny. Фота: Evan Agostini / Invision / AP

Артысты, якіх найбольш слухалі

На першым месцы апынуўся пуэртарыканскі рэпер, спявак, аўтар песень і акцёр Bad Bunny. Для яго гэта ўжо трэцяе запар лідарства ў рэйтынгу. Былы спявак дзіцячага царкоўнага хору, пуэртарыканец атрымаў свой псеўданім, калі ў маленстве яго прымусілі апрануць у школу касцюм зайчыка і сфатаграфавалі з сярдзітым выразам твару (Bad Bunny перакладаецца як «дрэнны трусік»). Ён яркі выканаўца песень у лацінаамерыканскім стылі рэгетон, а таксама неблагі рэстлер.

Bad Bunny не застаецца абыякавым да грамадскіх праблем: ён адкрыта крытыкаваў адсутнасць гуманітарнай дапамогі пасля ўрагану «Марыя», што моцна разбурыў Пуэрта-Рыка, выступаў супраць закрыцця школ на радзіме і адкрыцця ўсё большай колькасці турмаў, падтрымлівае правы ЛГБТ.

Разам з Bad Bunny ў топ увайшла і поп-спявачка Тэйлар Свіфт. Яна стала не толькі другой самай папулярнай артысткай у свеце, але і скарыла топ-спісы ў Аўстраліі, Брытаніі, Ірландыі, Малайзіі, на Філіпінах, у Новай Зеландыі, у Катары, Славеніі і Сінгапуры. Вы можаце ведаць Тэйлар па яе ранейшых хітах накшталт Love Story, Shake It Off I Blank Space, але і сёння амерыканка не расслабляецца: яе новы альбом Midnights, што выйшаў 21 кастрычніка, адразу ж пабіў рэкорды сервісаў Spotify i Apple Music па праслухоўваннях за суткі.

Гэты рэліз, поўны песень па аўтабіяграфічных матывах, расказвае пра яе страхі і нянавісць да сябе, развагі пра карму і помсту, а таксама розныя этапы рамантычных адносін. Дыск стартаваў з продажаў у 1 578 000 экзэмпляраў, што стала адным з найлепшых вынікаў у гісторыі альбомнага чарта краіны Billboard 200.

Канадскі рэпер Drake бярэ бронзу ў спісе Spotify. Гэты хлопец дабіваецца поспеху не толькі ў музыцы, але і ў прадзюсарскай працы і ў бізнэсе — праўда, яму зусім не шанцуе са стаўкамі на спорт. Ёсць нават «праклён Дрэйка»: кажуць, што калі рэпер ставіць грошы на нейкую спартовую падзею і піша пра гэта ў сацсетках, лепш зрабіць супрацьлеглую стаўку ці ўвогуле не рызыкаваць грашыма, і нават калі рэпер сфатаграфуецца са спартоўцам да бою ці матча, той, напэўна, прайграе. Колькасць грошай, якія канадзец згубіў на стаўках, налічвае мільёны даляраў.

На чацвёртым месцы ў спісе Spotify знаходзіцца яшчэ адзін канадзец — спявак і прадзюсар The Weeknd. Вы маглі чуць яго песні Earned It, The Hills, Can’t Feel My Face i Starboy. Эйбел Тэсфае — так на самай справе зваць выканаўцу — адметны сваёй стылістыкай, што адсылае да вобразаў Майкла Джэксана, Прынса і R.Kelly.

Замыкае пяцёрку лідар карэйскай поп-сцэны, гурт BTS. Гэта самыя прадаваныя паўднёвакарэйскія артысты, якія атрымалі сусветнае прызнанне ў 2017 годзе. Цяпер, аднак, BTS не выступаюць: у 2022 годзе гурт абвясціў пра перапынак у кар’еры дзеля службы ў арміі, але абяцае вярнуцца да актыўнасці прыкладна ў 2025 годзе.

Самыя вірусныя артысты

Сэрвіс склаў асобны рэйтынг з выканаўцаў, чые трэкі часцей за ўсё выкладваліся на платформах праз Spotify. Тут лідзіруе Тэйлар Свіфт — усё дзякуючы яе апошняму рэлізу Midnights. На другім месцы The Weeknd, на трэцім — Bad Bunny, чацвёртае месца займае BTS.

А вось на пятым радку размясцілася Лана дэль Рэй, культавая спявачка і выканаўца хітоў Born to Die i Summertime Sadness. У кастрычніку Лана запісала ў сааўтарстве з Тэйлар Свіфт вялікі хіт Snow on the Beach, які дэбютаваў на чацвёртым месцы ў Billboard Hot 100, а ў наступным годзе спявачка плануе выпусціць новы альбом. Некалькі месяцаў таму дэль Рэй перажыла вялікі стрэс: з яе машыны скралі яе ноўтбук, цвёрдыя дыскі, тры відэакамеры і 200-старонкавы рукапіс будучай паэтычнай кнігі.

Найлепшыя песні 2022 года

Гэты спіс узначальвае брытанец Гары Стайлз, былы ўдзельнік вядомага бойз-бэнда One Direction, і яго трэк As It Was. На другім месцы суайчыннікі Стайлза — індзі-рок-гурт Glass Animals з кампазіцыяй Heat Waves, што выконвае псіхадэлічны поп. Іх «срэбраны» трэк з’явіўся яшчэ ў 2020 годзе, але ж чамусьці стрэліў толькі сёлета.

Трэцяя па папулярнасці песня года — STAY ад аўстралійскага рэпера The Kid LAROI, запісаная разам з Джасцінам Біберам. Аўстралійцу ўсяго 19 гадоў, і свой першы альбом ён прэзентаваў два гады таму, так што вялікай колькасцю хітоў пакуль пахваліцца не можа. Трэк STAY, што вывеў хлопца ў топы Spotify, таксама сем разоў быў на вяршыні тыднёвага рэйтынга песень Billboard Top 100.

Чацвёртае і пятае месца займаюць трэкі ад Bad Bunny — адпаведна Me Porto Bonito (запісаны разам з Chencho Corleone) і Tití Me Pregunto.

Найлепшыя альбомы

Найпапулярнейшым аказаўся дыск Un Verano Sin Ti ад Bad Bunny. Таксама ў топе зноў апынуўся Гары Стайлз — гэтым разам ён на другім месцы з рэлізам Harry’s House. Бронза ў амерыканскай акцёркі (а цяпер яшчэ і спявачкі) Алівіі Радрыга з дэбютным рэлізам Sour.

Брытанец Эд Шыран і яго альбом з інтрыгоўнай назвай «=» узяў чацвёртае месца рэйтынга — вы дакладна чулі яго песні Shape of You i Perfect. Пятай стала амерыканская рэперка Doja Cat і яе пласцінка Planet Her. Гэта канцэптуальная пласцінка пра выдуманую планету, створаную самой спявачкай, дзе ўсе касмічныя віды і расы жывуць у гармоніі.

Спявачка Sia размясціла ролік, на якім пара танцуе на мінскім праспекце Незалежнасці 

Песня Tor Band «Мы не народзец» стала настолькі народнай, што пад яе запісваюць тыктокі нават лукашэнкаўцы ВІДЭА

Nashaniva.com