Гамяльчук скраў у краме пляшку віскі і прадукты. А калі яго затрымалі, сказаў, што яму трэба карміць маленькае дзіця

Беспрацоўны жыхар Гомеля прыйшоў у краму і скраў бутэльку віскі, якую схаваў у заплечнік. Затым мужчына набраў яшчэ і прадуктаў, якія паклаў у заплечнік і ў кішэні, паведамляюць «Гомельскія ведамасці».

03.12.2022 / 12:15

Калі злодзей праходзіў міма кас, прадавец прапанавала яму расплаціцца за тавар. На гэта мужчына адказаў, што ў яго няма грошай. Калі злодзея паспрабавалі затрымаць, ён кінуў частку прадуктаў на падлогу, адштурхнуў прадаўца і паспрабаваў уцячы.

Жыхар Гомеля змог выбегчы на вуліцу, але схавацца яму не ўдалося. Зламысніка дагналі, а скрадзены тавар вярнулі на паліцы.

Сумарны кошт скрадзеных прадуктаў склаў 170 рублёў. Гамяльчук заявіў, што яму трэба карміць дзіця, таму рашыўся на такі ўчынак. Навошта дзіцяці бутэлька віскі — мужчына растлумачыць не змог.

Да суда ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, але маладому бацьку можа пагражаць да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com