Арцыбіскуп Кандрусевіч раздаваў дзецям падарункі ў вобразе святога Мікалая

4 снежня, у другую нядзелю адвенту, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся з вернікамі мінскай парафіі святога апостала Андрэя і святога Леапольда Мандзіча ва Уруччы, у якой служаць святары з супольнасці палатынаў, паведамляе catholic.by.

06.12.2022 / 13:11

У адной з наймалодшых каталіцкіх супольнасцяў сталіцы заслужаны іерарх цэлебраваў дзве святыя імшы: першую — з нагоды парафіяльнага адпусту ў гонар святога апостала Андрэя і 5-й гадавіны пасвячэння парафіяльнай капліцы, а другую — для дзяцей.

Падчас імшы з удзелам дзяцей заслужаны іерарх правёў гамілію ў форме дыялогу з маленькімі вернікамі.

Размова з імі датычылася адвенту як часу духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. У дыялогу арцыбіскуп распавёў дзецям некалькі смешных і адначасова павучальных духоўных гісторый, што ім вельмі спадабалася.

Пасля імшы адбылася сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі.

Іерарх у вобразе святога Мікалая павіншаваў наймалодшых парафіянаў, пажадаў ім узрастаць у ласцы ў Бога і людзей, добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння і раздаў ім падарункі.

Дзеці ў адказ чыталі вершы пра святога Мікалая.

Nashaniva.com