Расходы на сілавікоў павялічылі за кошт МЗС і знешняга дзярждоўгу

Урад Беларусі сваёй пастановай пераразмеркаваў бюджэтныя сродкі на карысць Міністэрства ўнутраных спраў, піша reform.by.

10.12.2022 / 09:38

Пастанова прадугледжвае, што ў 2022 годзе расходы рэспубліканскага бюджэту на МУС будуць павялічаныя на 12,28 млн рублёў, на Дэпартамент выканання пакаранняў МУС — на 3,5 млн рублёў, на ўнутраныя войскі МУС — на 9,446 млн рублёў.

Сродкі пойдуць на аплату працы, транспартных і камунальных паслуг, харчавання і іншыя выплаты.

Пры гэтым будуць скарочаныя выдаткі, прадугледжаныя для МУС, на 12,55 млн рублёў. Размова ідзе пра грошы на пытанні вырабу дакументаў, якія пацвярджаюць асобу. Акрамя таго, будуць скарочаныя выдаткі, прадугледжаныя для МЗС на ўтрыманне замежных устаноў, — на 9,176 млн рублёў, а таксама на 3,5 млн рублёў — на абслугоўванне знешняга дзярждоўгу.

Nashaniva.com