Прэзідэнт Літвы назваў прапанову Беларусі перавозіць украінскае збожжа пасткай

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў суботу назваў прапанову Беларусі перавозіць украінскае збожжа праз сваю тэрыторыю пасткай, перадае DELFI. Ён сказаў, што Беларусі не давярае і сама Украіна.

10.12.2022 / 17:47

Беларусь на гэтым тыдні паведаміла ААН, што згодная без папярэдніх умоў на транзіт праз яе тэрыторыю ўкраінскага збожжа для наступнага экспарту з партоў у Літве, аднак зноў папрасіла дазволу на экспарт сваіх угнаенняў, якія патрапілі пад санкцыі.

«Я думаю, гэта пастка. Гэта пастка, у якую хочуць прывабіць і паказаць, што вось Захад зноў паводзіць сябе непаслядоўна, не можа дамовіцца аб санкцыях», — сказаў журналістам у суботу Наўседа, каментуючы прапанову Беларусі.

Ён назваў ініцыятыву Мінска «старой песняй, якую мы даўно ўжо чуем», і сказаў, што Беларусі не давярае і сама Украіна. «Як ёй можна давяраць, калі яна дазваляе расіянам рабіць на сваёй тэрыторыі ўсё, што ім хочацца?» — сказаў прэзідэнт Літвы.

Віцэ-міністр замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч на гэтым тыдні абмеркаваў пытанне экспарту ўкраінскага збожжа з генсекам ААН. Амбразевіч «паўтарыў просьбу свайго ўрада дазволіць экспарт беларускіх угнаенняў, якія зараз знаходзяцца пад санкцыямі».

Nashaniva.com