У Вільні суд дазволіў знесці Дом Масквы

Участковы суд горада Вільня даў права будаўнічай інспекцыі знесці Дом Масквы і прадугледзеў штраф у памеры 300 еўра грамадскай установе, якая кіруе будынкам, за кожны дзень невыканання рашэння, піша Delfi.lt.

12.12.2022 / 16:16

«Пасля таго, як суд дазволіў будаўнічай інспекцыі знесці незаконна пабудаваны будынак, у бліжэйшы час будзе складзены каштарыс на знос і праведзены працэдуры дзяржзакупак для выбару падрадчыка, які будзе выконваць работы. Плануецца, што знос Дома Масквы завершыцца да канца 2023 года», — гаворыцца ў паведамленні інспекцыі, распаўсюджанай у панядзелак.

Яшчэ ў снежні 2016 года ўчастковы суд горада Вільня прызнаў несапраўдным дакумент аб дазволе на будаўніцтва, выдадзены Віленскім самакіраваннем у 2008 годзе, і абавязаў забудоўшчыка перабудаваць будынак у адпаведнасці з ім.

Ідэя Дома Масквы ў Вільні развівалася з 2004 года, пасля візіту тагачаснага мэра Масквы Юрыя Лужкова ў Вільню, падчас святкавання 750-годдзя каранацыі караля Міндоўга. Тады было прынята і рашэнне аб рэалізацыі аналагічнага праекта Віленскага дома ў Маскве. Было абвешчана, што Дом Масквы стане цэнтрам культурнага і дзелавога супрацоўніцтва, мэтай якога з'яўляецца стварэнне і далейшае развіццё добрасуседскіх адносін паміж Масквой і Вільняй.

Аднак у 2016 годзе Акруговы суд горада Вільні часткова задаволіў пазоў будаўнічай інспекцыі і прызнаў выдадзены самакіраваннем дазвол незаконным, бо ён парушае патрабаванні па вышыні і шчыльнасці забудовы, устаноўленыя самім самакіраваннем у падрабязным плане гэтай тэрыторыі.

Таксама ў ацэнцы пагроз нацыянальнай бяспецы 2017 года Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі адзначыў, што перспектывы праекта Дома Масквы ў Вільні «маюць адносна высокае сімвалічнае і практычнае значэнне для Расіі як патэнцыйнага інструмента яе ўплыву, унутранай палітыкі і публічнай дыпламатыі».

Nashaniva.com