Лукашэнка заявіў, што газавыя праграмы з Расіяй сарваныя

Аляксандр Лукашэнка выказаўся сёння аб праблемах у фарміраванні аб'яднанага рынку газу Беларусі і Расіі. Адпаведную заяву ён зрабіў 16 снежня на нарадзе па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

16.12.2022 / 12:21

Ён звярнуў увагу, што на першы план у рэалізацыі саюзных праграм выходзяць пытанні цэнаўтварэння на энергарэсурсы, бо ад гэтага залежыць канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі.

«Нагадаю, саюзнай праграмай па фарміраванні аб'яднанага рынку газу прадугледжаны канкрэтныя мерапрыемствы і тэрміны, якія, на жаль, па-мойму, не рэалізаваныя. Яны проста сарваныя. Хто нясе за гэта адказнасць і як будзем выпраўляць сітуацыю?»— спытаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што прыярытэтную значнасць мае нават не столькі цана на энергарэсурсы, колькі роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін:

«Я думаю, што ў нас адно пажаданне (нават не прэтэнзія, а пажаданне) да расійскага боку: стварыць роўныя ўмовы для работы суб'ектаў гаспадарання. Каб сельгаспрадпрыемствы, нашы прамысловыя прадпрыемствы, кампаніі ў сферы паслуг і гэтак далей працавалі ў роўных умовах, — прадоўжыў Лукашэнка. — Важна, каб цэны газу, нафты былі не завоблачнымі пры гэтых роўных умовах. Але гэта абсалютна не галоўнае. Можна сказаць, гэта нават не важна. Галоўнае — каб у расіянаў і ў нас былі роўныя цэны на энерганосьбіты і іншыя напрамкі нашай дзейнасці. Гэта галоўнае».

Nashaniva.com