Складскія запасы прамысловай прадукцыі выраслі на 48%

Белстат абнавіў звесткі аб запасах на складах у рублёвым выражэнні. Сума за студзень—лістапад аказалася, паводле іх, нашмат большай, чым за такі ж перыяд 2021-га. Прычына ў санкцыях супраць «Беларуськалія».

21.12.2022 / 18:52

Запасы прамысловай прадукцыі на складах па выніках 11 месяцаў у грашовым выражэнні склалі амаль 8,1 млрд рублёў. Гэта на 48% больш, чым у студзені—лістападзе 2021 года. Пры гэтым больш за 99% запасаў прыпадае на апрацоўчую прамысловасць.

Самыя вялікія запасы ў Мінску і Мінскай вобласці — прыкладна па 1,7 млрд рублёў.

У пачатку 2022 года запасы складалі каля 6,1 млрд рублёў, і яны раслі да ліпеня, калі аб'ём перавысіў 8 млрд рублёў. Затым было скарачэнне да 7,2 млрд рублёў у жніўні, а пасля зноў пачаўся рост.

Рост запасаў складской прадукцыі звязаны найперш з санкцыямі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, уведзенымі ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі і нападам на Украіну.

Nashaniva.com