Пуцін: Спробы зрабіць Расію часткай цывілізаванага свету праваліліся

Расія хацела быць часткай цывілізаванага свету, але гэтыя спробы пацярпелі няўдачу, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы на калегіі расійскага Міністэрства абароны. Па яго словах, вінаватыя ў гэтым «праціўнікі» Расіі, якія, маўляў, «стагоддзямі» ставілі мэту па яе «дэзынтэграцыі» і «аслабленні».

21.12.2022 / 21:55

Фота: Vadim Savitsky, Sputnik/Russian Defense Ministry Press Service Pool Photo via AP

«Мы заўсёды хацелі быць часткай так званага цывілізаванага свету. І пасля развалу Савецкага Саюза, які мы дапусцілі сваімі ўласнымі рукамі, нам чамусьці здавалася, што з дня на дзень мы станем часткай гэтага так званага цывілізаванага свету. А, як высветлілася, нас там не чакалі, нягледзячы на ўсе нашы намаганні і спробы», — канстатаваў Пуцін.

Са слоў Пуціна, намаганнямі ўваходжання ў «цывілізаваны свет» ён займаўся асабіста, але поспеху не дасягнуў. «Я таксама рабіў гэтыя спробы, нашы спробы зблізіцца, стаць гэтай часткай, (але) не», — заявіў прэзідэнт Расіі.

Nashaniva.com