Пуцін назваў вайну вайной

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін у чацвер, 22 снежня, упершыню назваў уварванне ва Украіну вайной замест «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Зрабіў ён гэта на сустрэчы з пулам крамлёўскім журналістаў, якая фактычна замяніла адмененыя традыцыйныя вялікую прэс-канферэнцыю і пасланне парламенту.

22.12.2022 / 21:06

«Наша мэта — не раскручваць гэты махавік ваеннага канфлікту, а, наадварот, скончыць гэту вайну, мы да гэтага імкнёмся і будзем імкнуцца», — заявіў Пуцін, дадаўшы, што, чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш.

Расія, са слоў расійскага кіраўніка, які ў лютым развязаў вайну, ніколі не адмаўлялася ад перамоваў з Украінай, у адрозненне, маўляў, ад уладаў у Кіеве, якія «забаранілі сабе» ўступаць дыялог з Расіяй.

Варта адзначыць, што для простых грамадзян Расіі слова «вайна» ў дачыненні таго, што ўжо 10 месяцаў адбываецца ва Украіне, фактычна забаронена. «Кішэнныя» суды рэгулярна штрафуюць расіян за яго ўжыванне па артыкуле аб «дыскрэдытацыі» арміі.

Nashaniva.com