Мэр Жытоміра: Полк Каліноўскага будзе перакінуты на мяжу ў выпадку нападу з Беларусі

Полк Каліноўскага, які з'яўляецца падраздзяленнем Узброеных сіл Украіны, будзе перакінуты на мяжу з Беларуссю ў выпадку новага наступу на Украіну з тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлемарафону заявіў мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін.

23.12.2022 / 12:30

«Літаральна некалькі дзён таму ў мяне была сустрэча з кіраўніком палка Каліноўскага — гэта насамрэч сапраўдныя патрыёты Беларусі, і ў выпадку інтэрвенцыі з боку Беларусі гэты полк будзе здымацца з усходу і пераходзіць менавіта на беларускую мяжу, каб у першых шэрагах абараняць Украіну і потым вызваляць Беларусь ад дыктатара Лукашэнкі», — сказаў Сухамлін.

Мэр не стаў удакладняць, на які менавіта ўчастак прызначаны полк, але дадаў, што беларускія добраахвотнікі наладжваюць сувязі з Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай абласцямі.

У наступную сераду дэлегацыя чатырох абласцей збіраецца наведаць ваеннаслужачых палка і перадаць ім аўтамабілі, квадракоптэры і г. д.

Сухамлін таксама запэўніў, што мяжа з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці надзейна ўмацаваная: пабудавана шмат фартыфікацыйных збудаванняў, бетонныя агароджы. Цяпер на мяжы знаходзяцца падраздзяленні УСУ і тэрабароны.

Цягам апошніх месяцаў прадстаўнікі палка правялі сустрэчы ў Вярхоўнай Радзе, а таксама сустракаліся з кіраўніцтвам Ровенскай і Валынскай абласцей.

Nashaniva.com