Пажар у інтэрнаце ў Полацкім раёне — ратавальнікі эвакуявалі 20 чалавек

25 снежня ў 5:26 ратавальнікам паведамілі пра пажар у жылым пакоі інтэрната ААТ «Полацкі аграсэрвіс» па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Багатырская Полацкага раёна.

25.12.2022 / 12:16

Узгаранне адбылося на першым паверсе будынка ў адным з пакояў. У гэты момант унутры знаходзіўся 46-гадовы мужчына, які арандаваў памяшканне. Яшчэ да прыезду ратавальнікаў ён змог выбрацца з пакоя самастойна. Крыху пазней яго агледзелі медыкі і шпіталізавалі ў бальніцу з атручваннем прадуктамі гарэння.

Ратавальнікі эвакуявалі з інтэрната 20 чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей. На шчасце, ніхто з іх не пацярпеў.

Пажар ліквідавалі, але ў пакоі амаль усё згарэла. Найбольш імаверная прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры паленні.

Nashaniva.com