Без святла ўвечары ў панядзелак былі 9 мільёнаў украінцаў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў штовечаровым відэазвароце сказаў, што ўвечары ў панядзелак электрычнасць з-за расійскіх удараў па аб'ектах энергетыкі была яшчэ адключана ў 9 млн жыхароў краіны.

27.12.2022 / 08:07

«Вядома, дэфіцыт захоўваецца. Адключэнні працягваюцца. Па стане на гэты вечар у розных рэгіёнах адключаныя каля дзевяці мільёнаў чалавек. Але колькасць і працягласць адключэнняў усё ж паступова памяншаюцца», — сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт паведаміў, што ў панядзелак правёў адмысловую нараду аб энергетыцы і інфраструктуры з членамі ўрада, і запэўніў суграмадзян, што ўлады зробяць усё неабходнае, каб падрыхтаваць краіну да зімовых месяцаў.

У кастрычніку расійская армія пачала наносіць масіраваныя ўдары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, у выніку чаго ў краіне пачаліся аварыйныя і веерныя адключэнні электрычнасці.

Улады заявілі, што значная частка магутнасцяў для вытворчасці і размеркавання электраэнергіі была разбурана, аднак гэтыя аб'екты пастаянна аднаўляюцца.

Nashaniva.com