Юрыя Зянковіча, які пайшоў на здзелку са следствам, будуць судзіць па новай справе

27 снежня ў судзе Мядзела будзе разглядацца новая справа палітзняволенага Юрыя Зянковіча аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Шутко.

27.12.2022 / 15:05

Інфармацыя пра суд з'явілася ў раскладзе Вярхоўнага суда Беларусі.

Зянковіча асудзілі 2 верасня па «справе змоўшчыкаў» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Юрыя Зянковіча дадалі ў спіс «тэрарыстаў», таму грашовыя пераводы яму забароненыя. 

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Юрый Леанідавіч Зянковіч)

Nashaniva.com