Галоўныя навагоднія гулянні пройдуць ля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы

Адбудуцца яны і ва ўсіх раёнах горада. Пра гэта на прэс-канферэнцыі «Як Мінск сустрэне Новы год і Каляды» 27 снежня распавёў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, пішуць «Мінск-навіны».

27.12.2022 / 15:20

— У навагоднюю ноч асноўныя гарадскія мерапрыемствы пройдуць ля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы, — сказаў А.Цуран. — На кірмашы ля Палаца спорту запланаваны канцэрт «Шкатулка жаданняў», на якім выступяць беларускія артысты. Ён будзе доўжыцца да 4 гадзін раніцы 1 студзеня. На Кастрычніцкай жа ствараць настрой будзе фонавая музыка. Гэтая пляцоўка падыдзе для аматараў больш спакойнага адпачынку.

А. Цуран звярнуў увагу на тое, што народныя гулянні адбудуцца і ў кожным з раёнаў сталіцы, так што жыхарам спальных раёнаў не прыйдзецца ехаць у цэнтр.

— Святочны канцэрт «Святло каляднай зоркі» пройдзе ля Палаца спорту 7 студзеня, — нагадаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама. — Мінчане і госці сталіцы пачуюць народныя песні і папулярныя эстрадныя хіты.

— Горад гатовы да святаў, — адзначыў А.Цуран. — Спадзяюся, жыхары атрымаюць задавальненне ад наведвання кірмашоў, канцэртных пляцовак і імпрэзаў незалежна ад умоў надвор'я.

Nashaniva.com