Палітзняволеную асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах 9-10 жніўня 2020 года

У судзе Ленінскага раёна Мінска 28 снежня асудзілі палітзняволеную Ксенію Котаву паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. 

28.12.2022 / 13:53

Суддзя Марына Клімчук прызначыла дзяўчыне 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»), паведамляюць праваабаронцы.

Ксенія Котава была затрымана на пачатку кастрычніка 2022 года. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што мела татуіроўку «АСАВ», была на Пушкінскай 9-10 жніўня 2020 года, а таксама нібыта далучылася да плана «Перамога».

Вядома, што дзяўчыну пасля адміністрацыйнага арышту перавялі ў СІЗА. 

Nashaniva.com