Навукоўцы прыдумалі, як па крыві бачыць сіндром Альцгеймера

Вучоныя распрацавалі спосаб высвятляць наяўнасць сіндрому Альцгеймера па аналізе крыві. Вынаходніцтва можа замяніць дарагую тамаграфію ці балючую пункцыю спіннога мозгу, а таксама дапамагчы раней выяўляць хваробу.

28.12.2022 / 18:56

Фота: pixabay.com

Сіндром Альцгеймера — самая распаўсюджаная форма дэменцыі. Але яго ўсё яшчэ складана дыягнаставаць, асабліва на ранніх стадыях, піша Guardian.

У наш час гэтую хваробу выяўляюць па трох маркерах: анамальнай канцэнтрацыі бялкоў тау і амілоідаў, а таксама па нейрадэгенерацыі — павольнай і прагрэсіруючай страце нейронаў у розных частках мозгу. Для гэтага патрэбны аналіз спіннамазгавой вадкасці ў спалучэнні з тамаграфіяй мозгу. Але ж пункцыя спіннамазгавой вадкасці — балючая працэдура з пабочнымі эфектамі, а тамаграфія — дарагая працэдура, на якую не так лёгка трапіць.

Справу б выправіла распрацоўка надзейнага аналізу крыві на сіндром Альцгеймера. У перспектыве такі тэст быў бы таннейшы, больш бяспечны і просты ў правядзенні, чым іншыя даследаванні, ён мог бы дапамагаць пацвярджаць наяўнасць хваробы ў незразумелых выпадках.

Гледзячы па працу, апублікаваную ў часопісе Brain, такі аналіз хутка можа быць даступны. Яго распрацоўкай займалася каманда з удзелам прафесара Томаса Карыкары з Пітсбургскага ўніверсітэта ў амерыканскім штаце Пенсільванія. Карыкары і яго калегі па ўсім свеце засяродзіліся на стварэнні аналізу на аснове антыцелаў, якія б выяўлялі тып тау-бялку, характэрнага для сіндрому Альцгеймера.

Свой аналіз навукоўцы пратэставалі на 600 пацыентах з хваробай Альцгеймера ў розных стадыях. Яны высветлілі, што выяўленая колькасць тау-бялку карэліравала з колькасцю гэтага ж бялку, знойдзенага падчас пункцыі, і, такім чынам, аналіз аказаўся надзейным. Наступны крок — праверыць тэст на большай колькасці пацыентаў, улічваючы людзей розных нацыянальнасцей і рас, а таксама пацыентаў з рознымі ступенямі праяўлення сімптомаў.

Чытайце таксама:

Больш за 10% насельніцтва Зямлі мае праблемы з мозгам. Але навукоўцы блізкія да прарыву

Што паглядзець. «Апошнія дні Пталемея Грэя» — як аддаць усё за месяц звычайнага жыцця

Сняцца кашмары па начах? Гэта можа быць ранняй прыкметай дэменцыі

Nashaniva.com