Сёння Кітай зноў адкрывае межы для турыстаў пасля трох гадоў закрыцця з-за COVID

З 8 студзеня Кітай здымае каранцінныя абмежаванні і такім чынам пераводзіць каранавірус з інфекцыйнага захворвання класа А ў клас B. Гэта азначае, што ўнутраным падарожнікам больш не спатрэбяцца ПЛР-тэсты, коды здароўя, праверка тэмпературы. Таксама адмяняюцца каранцінныя меры для тых, хто ўязджае ў краіну.

08.01.2023 / 15:17

Улады заклікалі пажылых людзей з хранічнымі захворваннямі, цяжарных жанчын і дзяцей звесці паездкі да мінімуму. Таксама ўрад прагназуе павышэнне ўзроўню захворвання ў сельскіх раёнах краіны, куды паедзе вялікая частка кітайцаў і дзе медыцынская інфраструктура слабейшая, чым у гарадах.

Чыноўнік Міністэрства транспарту папярэдзіў, што гэта могуць быць самыя нявызначаныя і складаныя канікулы за апошнія гады.

Падарожнікам, якія ўязджаюць, больш не трэба праходзіць каранцін, што азначае значнае змяненне ў палітыцы краіны ў дачыненні да COVID, паколькі яна змагаецца з рэзкім ростам колькасці выпадкаў захворвання.

Гэтыя змены людзі сустрэлі з радасцю, бо апошнія тры гады многія не маглі ўз'яднацца з сям'ёй праз кавідныя абмежаванні.

У Ганконгу чакаецца, што ў наступныя тыдні 400 000 чалавек адправяцца ў мацерыковы Кітай — у такія гарады, як Пекін і Сямынь.

Адкрыццё краіны прыпадае на пачатак «чуньюнь», першага сезона падарожжаў у Новы год па месяцовым календары.

Да пандэміі гэта была найбуйнейшая штогадовая сусветная міграцыя людзей, якія вяртаюцца дадому, каб правесці час з сям'ёй.

Nashaniva.com