У Варшаве пройдзе канферэнцыя пра кнігавыданне на беларускай мове

Беларуская кніга сёння як ніколі знаходзіцца пад пагрозай знішчэння і можа сама сябе ўжо запісваць у Чырвоную кнігу, заяўляюць арганізатары канферэнцыі.

09.01.2023 / 16:42

Фота ілюстрацыйнае

Ці можна сёння нешта зрабіць для падтрымкі выдання кніг на беларускай мове і распаўсюджвання з іх дапамогай нацыянальнай культуры?

Для адказу на гэтае пытанне запрашаюць усіх тых, хто апякуецца лёсам нацыянальнага кнігадруку і хоча дапамагчы зрабіць беларускае слова і культуру больш заўважнымі ў свеце, далучыцца да канферэнцыі «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні», якая адбудзецца 21 студзеня ў Варшаве.

На ёй будуць разгледжаныя наступныя пытанні

— Якія сістэмныя крокі трэба зрабіць, каб дапамагчы выдаваць кнігі па-беларуску?

— Як папулярызаваць чытанне кніг і перакладаў на беларускую сярод саміх беларусаў?

— Што зрабіць для падвышэння заўважнасці і прэстыжнасці беларускіх кніг і аўтараў на міжнародным узроўні?

— Якім павінен стаць твар беларускага кніжнага рынку ў бліжэйшыя часы?

У пошуках адказаў на гэтыя і іншыя пытанні арганізатары прапануюць далучацца да канферэнцыі, што можа стаць устаноўчым сходам па стварэнні грамадскай ініцыятывы Інстытута беларускай кнігі. Канферэнцыя адбудзецца ў гібрыдным фармаце. Заяўку на ўдзел у канферэнцыі ў якасці выступоўцы, арганізатара дыскусіі ці круглага стала або зацікаўленага назіральніка можна падаць праз рэгістрацыйную форму.

Свае пытанні і рэкамендацыі па правядзенні канферэнцыі, калі ласка, дасылайце на пошту: instbelknig@gmail.com 

Канферэнцыя «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні» пройдзе пры падтрымцы прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета, а таксама ў інфармацыйным партнёрстве з Беларускім ПЭН-цэнтрам, грамадскай кампаніяй «Будзьма», платформай «Інбелкульт 2.0».

Nashaniva.com