Ціханоўская: Супрацоўнікі Tut.by — гонар беларускай журналістыкі

Святлана Ціханоўская з нагоды пачатку працэсу над супрацоўніцамі партала Tut.by Марынай Золатавай, Людмілай Чэкінай і іншымі выступіла са зваротам, у якім падкрэсліла, што журналістак судзяць за нязгоду прыслугоўваць інтарэсам рэжыму ў абыход прынцыпам прафесійнай журналістыкі, за выдатную працу, за праўду і сумленне.

09.01.2023 / 17:54

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на судзе

Ціханоўская адзначыла, што гэтыя жанчыны «зрабілі для Беларусі больш, чым усе прысутныя ў зале суда прапагандысты, пракуроры, ахоўнікі і іншыя прыслужнікі». І тое, што яны знаходзяцца за кратамі, як нішто іншае сведчыць пра ненармальнасць цяперашняй Беларусі.

Тым не менш, упэўненая дэмакратычная лідарка, праўда ўсё роўна пераможа. Хоць праўда гэтая і «павінна ўмець сябе абараняць — асабліва ў часы, калі супрацьстаіць дыктатуры і вайне».

Ціханоўская выказала падтрымку супрацоўніцам Tut.by, іх калегам, родным і каханым.

«Я ведаю, што, гледзячы на сённяшнія фота Марыны і Мілы, ніхто не паверыць, што яны злачынцы. Гэтыя цудоўныя, смелыя, гордыя жанчыны — асобы беларускай журналістыкі. І ўсім нам, беларусам, вельмі пашанцавала з імі. І пакуль яны не на свабодзе, гэта наш з вамі абавязак — дапамагчы перамагчы праўдзе», — падсумавала Ціханоўская.

Nashaniva.com