Дзве краіны моцна адстаюць у замарожванні расійскіх актываў

Грэцыя і Мальта моцна адстаюць ад іншых краін Еўрасаюза ў справе замарозкі расійскіх актываў, якія трапілі пад санкцыі: калі некаторыя краіны замарозілі мільярды, то гэтыя дзве — толькі сумы, эквівалентныя цане пасрэднага дома. Пра гэта піша агенцтва Reuters.

11.01.2023 / 16:05

У дакуменце Еўракамісіі, з якім азнаёміўся журналіст, гаворыцца, што Грэцыя апавясціла ЕС аб замарозцы актываў усяго на 212 тыс. еўра, а Мальта — на 147 тыс. еўра.

У цэлым па ЕС замарожаныя падсанкцыйныя расійскія актывы на 20,3 млрд еўра. Германія, Італія, Францыя, Іспанія, Ірландыя, Бельгія, Люксембург і Аўстрыя замарозілі актывы на сумы больш за мільярд кожная.

«Гэта крыху здзіўляе. Альбо ў іх мала што ёсць, альбо яны не выконваюць сваю працу. Ці ж яны нешта яшчэ зрабілі, але не паведамілі нам, хоць мелі такую магчымасць», — так пракаментаваў вынікі Грэцыі і Мальты еўрапейскі чыноўнік, які папрасіў не называць яго імя.

Агенцтва нагадвае, што ЕC падумвае аб выпрацоўцы юрыдычных падстаў, на якіх замарожаныя расійскія актывы можна будзе перадаць Украіне на пасляваеннае аднаўленне краіны.

Nashaniva.com