ISW: Расія далёкая ад узяцця Бахмута; яе новым наступам перашкодзіць недахоп боепрыпасаў і дэзарганізацыя

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) па-ранейшаму лічыць, што армія РФ пакуль не здолела захапіць горад Салядар у Данецкай вобласці, хоць пра гэта заяўляюць многія расійскія крыніцы.

12.01.2023 / 08:18

Пры гэтым у чарговай зводцы ISW сказана, што частковыя поспехі расійскіх вайскоўцаў у Салядары зусім не азначаюць, што ім удасца абрынуць ўкраінскі фронт і захапіць Бахмут. «Расійскія развагі пра хуткі захоп Бахмута і абрушэнне ўкраінскіх абаронных межаў не спалучаюцца з рэальнай сітуацыяй у раёне Бахмута, дзе сілы РФ далёкія ад таго, каб адрэзаць украінскія наземныя лініі сувязі», — заключаюць аўтары зводкі.

На іх думку, «расійскія наступальныя аперацыі па захопе Бахмута, верагодна, дасягнулі кульмінацыі з-за дэградацыі».

Эксперты ISW таксама падрабязна аналізуюць прызначэнне камандуючым войскамі РФ ва Украіне начальніка расійскага генштаба Валерыя Герасімава.

На іх думку, гэта рашэнне заклікана вырашыць дзве галоўныя задачы Крамля:

— паспрабаваць палепшыць сістэму камандавання для эфектыўных ваенных дзеянняў у гэтым годзе;

— і ўмацаваць пазіцыі Міністэрства абароны на фоне ўзмацнення ўплыву вайсковых блогераў і сілавікоў, такіх як заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.

Як лічаць аўтары зводкі, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, верагодна, плануе новыя наступы — пры тым, што ў мінулым ён неаднаразова дэманстраваў неразуменне сапраўдных магчымасцяў свайго войска і не адмовіўся ад максімалісцкіх задач кампаніі ва Украіне.

Пуцін па-ранейшаму лічыць, што армія РФ здольная на маштабныя наступальныя дзеянні, сказана ў зводцы ISW, але такія яго ацэнкі, верагодна, не адпавядаюць рэчаіснасці. Пры гэтым Герасімаў не пярэчыў прэзідэнту Расіі пасля катастрафічнага плана ўварвання ў лютым 2022 года — і наўрад ці пачне гэта рабіць цяпер, адзначаюць амерыканскія эксперты.

Яны не лічаць, што Герасімаў зможа хутка ўдыхнуць новае жыццё ў расійскія прынцыпы вядзення вайны, каб задаволіць амбіцыі Пуціна. У зводцы сказана, што генерал, «верагодна, акажацца на чале дэзарганізаванай каманднай структуры, якая перажывае пастаянныя, паслядоўныя і самаўзмацняльныя правалы, якім менавіта ён шмат у чым і паклаў пачатак сваімі дзеяннямі да ўварвання ва Украіну».

Паводле ацэнак ISW, важнай перашкодай для наступальных аперацый Масквы на ўсходзе Украіны таксама стане няздольнасць расійскай індустрыі вырашыць праблему недахопу боепрыпасаў.

Nashaniva.com