Пад Смаргонню сутыкнуліся аўтамабіль з рыбакамі і грузавік. Адзін чалавек загінуў

Раніцай у суботу двое мінчукоў на «Рэно» сутыкнуліся з грузавіком пад Смаргонню, адзін з мужчын загінуў, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

14.01.2023 / 13:39

Аварыя адбылася каля сямі гадзін раніцы на скрыжаванні дарог Р95 Лынтупы — Свір — Крэва — Гальшаны і Р106 Маладзечна — Смаргонь.

Кіроўца «Рэно», 40-гадовы мінчук, ехаў з боку Крэва і, выязджаючы на аб'язную дарогу каля Смаргоні, не пераканаўся ў бяспецы руху. Па галоўнай дарозе злева ў гэты час ехаў грузавік «Мэрсэдэс-Бэнц».

Аўтамабілі сутыкнуліся. Удар прыйшоўся з боку кіроўцы. Мужчына атрымаў сур'ёзныя траўмы і праз некаторы час памёр на месцы здарэння.

Сур'ёзна пацярпеў і пасажыр, 46-гадовы жыхар Мінска. Яго даставілі ў рэанімацыю. Кіроўца грузавіка, ураджэнец Віцебскай вобласці, не пацярпеў.

Nashaniva.com