У Беларусі перастануць выпрабоўваць касметыку на жывёлах

У Беларусі ўводзяцца сем міждзяржаўных стандартаў па вызначэнні таксікалагічных паказчыкаў інгрэдыентаў, якія ўваходзяць у склад парфумерна-касметычнай прадукцыі, без выкарыстання жывёл. Пра гэта паведаміў Дзяржстандарт.

16.01.2023 / 20:01

Фота ілюстрацыйнае

Удакладняецца, што два з гэтых дакументаў ужо пачалі дзейнічаць з 1 студзеня. З чэрвеня будзе ўведзена яшчэ пяць.

Таксама ў Дзяржстандарце адзначаюць, што «прымяненне новых стандартаў, заснаваных на аналізе таксікалагічных паказчыкаў касметычных інгрэдыентаў, дазволіць выпрабоўваць усю парфумерна-касметычную прадукцыю альтэрнатыўнымі метадамі».

Гэта мае знізіць для Беларусі тэхнічныя бар'еры для паставак на рынкі краін, у якіх забароненая рэалізацыя гатовай парфумерна-касметычнай прадукцыі, інгрэдыенты якой або іх камбінацыі выпрабоўваліся на жывёлах.

Nashaniva.com