З Расіі пасля ўварвання ва Украіну сышлі толькі менш за 9% заходніх кампаній — даследаванне

Большасць фірмаў са штаб-кватэрамі ў Еўрапейскім Саюзе і іншых краінах G7 працягваюць працаваць і інвеставаць у Расію, вынікае з даследавання швейцарскага Універсітэта Санкт-Галена. Пра гэта піша радыё «Свабода».

20.01.2023 / 23:57

Фота ілюстрацыйнае

Даследчыкі падлічылі, што на момант поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў Расіі актыўна працавалі 2405 даччыных кампаній, якія належалі 1404 кампаніям з краін ЕС і G7. Менш за 9% з іх вывелі хаця б адну дачку з расійскага рынку, кажуць эксперты.

Даследаванне паказала, што амерыканскія кампаніі больш ахвотна пакідалі Расію, чым іншыя заходнія фірмы. Амаль 18% амерыканскіх даччыных кампаній, якія працуюць у Расіі, цалкам спынілі сваю дзейнасць пасля пачатку вайны — у параўнанні з 15% японскіх і толькі 8,3% еўрапейскіх.

Гэтыя высновы ставяць пад сумнеў гатоўнасць заходніх фірмаў адмовіцца ад удзелу ў эканоміцы Расіі, якую ўрады заходніх краін лічаць геапалітычным канкурэнтам, гаворыцца ў заяве ўніверсітэта Санкт-Галена.

Nashaniva.com