СМІ: Гомельскае прадпрыемства можа рабіць для Расіі «зубы дракона»

Блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале адгукнуўся на раней пададзеную гомельскім выданнем «Флагшток» інфармацыю пра тое, што на Гомельшчыне заўважаюць машыны, якія возяць супрацьтанкавыя бетонныя канструкцыі пад назвай «зубы дракона». Паводле Матолькі, іх робяць для расійскіх ваенных патрэбаў на беларускіх прадпрыемствах. 

22.01.2023 / 11:15

Выданне «Флагшток» паведаміла, што на працягу апошняга месяца жыхары Гомеля заўважаюць транспартаванне бетонных канструкцый у выглядзе пірамід, а дакладней супрацьтанкавых умацаванняў, якія называюць «зубы дракона». Гэта квадратна-пірамідальныя ўмацаванні з жалезабетону вышынёй 90—120 см, якія ўпершыню выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны для стварэння перашкодаў руху танкаў і мотапяхоты.

Цяпер расійскія вайскоўцы ладзяць такія бетонныя піраміды на акупаваных імі ўкраінскіх землях, а таксама ў Белгарадскай вобласці. Менавіта яны прымяняюцца пры стварэнні так званай «лініі Вагнера» на Данбасе.

У Гомелі ўпершыню перавозка такіх бетонных умацаванняў была заўважаная ў снежні 2022 года. Іх перавозяць на грузавіках-даўгамерах, часцей за ўсё маркі КамАЗ як з расійскімі, так і з беларускімі нумарамі. У адным грузавіку заўважаюць у сярэднім па 15—20 «зубоў».

«Флагшток» дапускае, што «перавозка бетонных перашкод можа сведчыць аб стварэнні лініі абароны ў Гомельскай вобласці або Бранскай вобласці РФ», але, па звестках Антона Матолькі, «зубы дракона» ўжо больш за месяц вырабляюцца на Гомельскім заводзе жалезабетонных вырабаў і адпраўляюцца ў Расію.

Больш таго, па папярэдняй інфармацыі, «Гомельжалезабетон» можа быць не адзіным беларускім прадпрыемствам, якое вырабляе такія супрацьтанкавыя ўмацаванні. 

Чытайце таксама:

Брытанская разведка: Расія будуе ўмацаванні, падобныя да «лініі Вагнера», і на іншых акупаваных тэрыторыях

Стала вядома, дзе будзе праходзіць «Лінія Вагнера». Гэта прыхаваная прапанова кампрамісу ад Пуціна?

Nashaniva.com