Нідэрланды хочуць закрыць найбуйнейшае ў Еўропе радовішча газу

Найбуйнейшае ў Еўропе газавае радовішча, запасы якога ацэньваюцца ў 1 трлн даляраў, пад пагрозай закрыцця. Улады Нідэрландаў, на чыёй тэрыторыі яно знаходзіцца, прынялі такое рашэнне, бо актыўная здабыча газу прывяла да землятрусаў. Пра гэта Financial Times паведаміў дзяржсакратар па здабыўной прамысловасці Ханс Війлбрыф.

23.01.2023 / 17:27

Фота: nsenergybusiness.com

Гронінгенскае газавае радовішча размешчанае ў сейсманебяспечнай зоне ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Нідэрландаў, недалёка ад мяжы з Германіяй.

Яно з 1963 года доўгі час было асноўнай крыніцай газу для Еўропы. Але цяпер патэнцыял радовішча выкарыстоўваецца толькі часткова. Гадавая здабыча скарацілася да 2,8 млрд кубаметраў — мінімуму, неабходнага для падтрымання працы помпаў.

Нягледзячы на ціск на ўрад, каб павялічыць здабычу ў 2022 годзе з-за дэфіцыту газу ў Еўропе, кіраўніцтва краіны на гэта не пайшло. Па словах Війлбрыфа, ён, наадварот, хацеў бы спыніць усе работы на радовішчы да 1 кастрычніка 2023 года. Але калі пасля зімы ў Еўропе будзе недахоп газу, радовішча застанецца адкрытым да кастрычніка 2024-га.

Чыноўнік падкрэсліў, што здабываць газу больш дакладна не будуць з меркаванняў бяспекі. З 1980-х у вобласці радовішча штогод адбываецца да 100 землятрусаў, выкліканых свідраваннем. Bloomberg пісаў, што з 327 тысяч дамоў у рэгіёне пацярпелі прынамсі 127 тысяч. 

Nashaniva.com