Нямецкі канцэрн Rheinmetall гатовы перадаць Украіне 139 танкаў «Леапард». Але не адразу

Нямецкі вайскова-прамысловы канцэрн Rheinmetall гатовы перадаць Украіне 139 танкаў «Леапард», як толькі дазвол на гэта дасць урад Нямеччыны. Аднак з іх толькі паўсотні будуць сучаснымі «Леапардамі 2», і большую частку іх не атрымаецца перадаць раней, чым праз год.

24.01.2023 / 08:25

Фота: AP Photo/Michael Sohn

Прэс-сакратар Rheinmetall сказаў нямецкай медыя-групе RND, што канцэрн будзе гатовы перадаць 29 «леапардаў 2А4», прызначаных для «кругавога абмену», з красавіка па май гэтага года.

На рамонт яшчэ 22 «Леапардаў» той жа мадыфікацыі, па словах прэс-сакратара, пойдзе амаль год, і перадаць іх атрымаецца ў канцы 2023-га або на пачатку 2024 года.

Акрамя таго, Rheinmetall мог бы перадаць яшчэ 88 старых «Леапард-1». Ці гатовыя яны да эксплуатацыі, і калі не, то калі будуць гатовыя, прэс-сакратар не ўдакладніў.

Nashaniva.com