Прадстаўнік ЕС расказаў, якія засталіся інструменты для вызвалення беларускіх палітвязняў

«Пытанне вызвалення палітвязняў у Беларусі — а гэта больш за 1440 чалавек — вельмі важнае для ЕС, і мы надаём яму пільную ўвагу», — заявіў DW Пітэр Стана, афіцыйны прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях. Паводле яго, у распараджэнні Еўрасаюза ёсць некалькі інструментаў.

24.01.2023 / 12:12

Скрын відэа

Пітэр Стана у інтэрв'ю DW на пытанне пра палітвязняў у Беларусі адказаў, што ў Еўрасаюзе надаюць гэтаму пытанню пільную ўвагу, бо «гэта з'яўляецца адлюстраваннем і ілюстрацыяй шырокамаштабных рэпрэсій, якія рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае супраць уласнага насельніцтва».

Пітэр Стана кажа, што ЕС не толькі ўважліва сочыць за гэтым, але і «прымае меры і рэагуе».

Паводле яго словаў, у распараджэнні ЕС ёсць некалькі інструментаў. Сярод іх ён называе санкцыі супраць тых, хто чыніць або падтрымлівае рэпрэсіі, уключаючы судовую ўладу. Але ў ЕС разглядаюць і «іншыя меры». Стана не ўдакладніў, якія менавіта.

Але ён адзначыў, што краіны ЕС узаемадзейнічаюць з міжнароднымі партнёрамі, каб «узмацніць і павысіць палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення гэтых людзей».

«Мы выкарыстоўваем усе наяўныя ў нашым распараджэнні інструменты, уключаючы асуджэнне і абмежавальныя меры, каб рэагаваць, і будзем працягваць гэта рабіць», — сказаў афіцыйны прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях.

Стана заявіў, што ЕС заклікае рэжым Лукашэнкі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных і не працягваць рэпрэсіі.

Nashaniva.com