Польшча звернецца да ЕС з просьбай аб кампенсацыі кошту танкаў Leopard 2

Польшча звернецца да Еўраcаюза з просьбай кампенсаваць кошт танкаў Leopard 2, якія яна хоча накіраваць Украіне.

24.01.2023 / 16:20

«Мы звернемся за вяртаннем да Еўрапейскага саюза, гэта стане яшчэ адной праверкай добрай волі еўрапейцаў», — сказаў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Польшча раней афіцыйна запытала дазвол Германіі ўхваліць перадачу Украіне танкаў Leopard 2, якія знаходзяцца ў распараджэнні Польшчы.

Прадстаўнік урада Германіі ў сваю чаргу пракаментаваў зварот Варшавы: «Мы разгледзім гэтую справу з той тэрміновасцю, якой яна заслугоўвае».

Пракаментаваў магчымыя пастаўкі танкаў і прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў: «Такія пастаўкі не абяцаюць нічога добрага для будучых стасункаў. Яны, безумоўна, пакінуць немінучы след для будучыні гэтых адносін», якія па словах Пяскова, «і так знаходзяцца ў досыць нізкай кропцы».

Nashaniva.com