Вынеслі прысуд дырэктарам «Магатэкса», якіх абвінавачвалі ў прыпісках і незаконных прэміях

27 студзеня 2023 года суд Ленінскага раёна г. Магілёва разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў «Магатэкса», якіх абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і службовай падробцы з мэтай скажэння звестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

02.02.2023 / 10:18

Паводле абвінавачання, кіраўнікі вытворчасці ААТ «Магатэкс» з лістапада 2020 года па чэрвень 2021 года наўмысна, з мэтай утойвання вынікаў дзейнасці прадпрыемства пісалі несапраўдныя даныя аб выкананні фабрыкай плана выпуску прадукцыі, такім чынам на фабрыцы атрымлівалі прэміі.

У выніку ААТ «Магатэкс», лічыць абвінавачанне, нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры на агульную суму 32225,39 рубля, а таксама была «істотная шкода дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

Суд прызнаў абодвух дырэктараў вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, што прывяло да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 426 КК). Іх прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады і штрафу ў 300 базавых велічынь (11 100 рублёў), а таксама пазбавілі права займаць кіраўнічыя і адміністрацыйныя пасады на пяць гадоў.

Па другім артыкуле абвінавачання «Службовая падробка, здзейсненая з мэтай скажэння звестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці» (ч. 2 арт. 427 КК) — падсудных апраўдалі.

Nashaniva.com