Сігнал пра канец шантажу мігрантамі? Пад Мінскам у аграсядзібе АМАП затрымаў амаль 100 нелегалаў

Супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Мінскага РУУС пры падтрымцы АМАПа ў аграсядзібе ў Міханавічах выявілі групу нелегальных мігрантаў, паведамляе прэс-служба МУС.

18.02.2023 / 12:14

Затрыманыя 94 чалавекі: грамадзяне Алжыра, Афганістана, Егіпта, Емена, Ірака, Сірыі, Марока і Пакістана. Яны прыбылі ў нашу краіну з Расіі наземным транспартам і планавалі паехаць у Заходнюю Еўропу. Беларускіх віз у іх няма.

54 замежнікі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, ім дадзенае права добраахвотнага выезду. Сямёра, якія не маюць дакументаў, затрыманыя для высвятлення асобы. У дачыненні да чацвярых разглядаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы ў сувязі з парушэннем тэрміну забароны ўезду ў Беларусь. 27 чалавек прымусова выдвараныя з краіны. Двое перададзеныя ў сталічны рэгіён для высвятлення абставін ухілення ад добраахвотнага выезду.

Пачынаючы з лета 2021 года Беларусь актыўна прыцягвала на сваю тэрыторыю мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі і скіроўвала іх на межы Польшчы, Літвы і Латвіі. Гэта суправаджалася крыклівай прапагандысцкай кампаніяй. Кульмінацыяй яе была спроба арганізаванага штурму польскай мяжы ў Брузгах у лістападзе 2021 года, якую цэнтралізавана асвятлялі лукашэнкаўскія СМІ.

Кампанія выглядала як шантаж еўрапейскіх краін у адказ на падтрымку руху за грамадзянскія правы ў Беларусі. Пазней гучалі меркаванні, што гібрыдная атака з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў была ўзгодненай з Масквой спробай застрашыць еўрапейскія краіны напярэдадні нападу на Украіну і настроіць грамадскую думку краін Еўрасаюза супраць прыёму ўцекачоў — хваля якіх чакалася падчас вайны.

У выніку супраць лукашэнкаўцаў былі ўведзеныя новыя санкцыі, а Польшча, Літва і Латвія ўмацавалі свае межы з нашай краінай. Быў таксама закрыты памежны пераход «Брузгі-Кузніца». 

Nashaniva.com