«Так! Так! Грызці будзем!» Лукашэнкаўскі ідэолаг расказаў, ці гатовы ваяваць, калі скажуць

Замежным карэспандэнтам, якім дазволілі прыехаць на размову з Лукашэнкам, зладзілі прэс-тур да вайскоўцаў. Сярод іншага іх вазілі ў 38‑ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду.

21.02.2023 / 16:58

Кадр з відэа NBC News

Візіт адбыўся яшчэ 13 лютага.

Карэспандэнт NBC News запісаў там кароткі дыялог з вайскоўцам.

— Калі давядзецца змагацца, вы гатовы? — запытаўся журналіст.

— Канечне! Так! Так! Грызці будзем!

«Яны кажуць, што хочуць міру, нягледзячы на тое, што дапамагаюць Расіі», — звяртае ўвагу замежны карэспандэнт на парадокс афіцыйных заяў.

Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн» ідэнтыфікаваў, хто гэты афіцэр. Гэта не баец і не камандзір, а палітрук-ідэолаг 38-й брыгады Узброеных сілаў РБ. 

«Звуць яго Сухавіла Сяргей Міхайлавіч, а пасада яго ў 38-й брыгадзе (дакладней у в/ч 92616 г. Брэста) гучыць так: намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы — начальнік аддзела ідэалагічнай работы», — піша «Гаюн».

Nashaniva.com