У розных раёнах краіны з раніцы стаяць пасты ДАІ, правяраюць машыны

Пасля падрыву каштоўнага расійскага самалёт А-50 у Мачулішчах, сілавікі працягваюць пошукі датычных да дыверсіі.

27.02.2023 / 10:49

Панарама з карты

«Мотолько Помогі» паведамляе, што на бягучы момант пасты ДАІ стаяць у:

— Ганцавічах;

— раёне Мачулішчаў;

— Пінскім раён (траса Р-147);

— Барысаўскім раёне (траса Р-53, паміж Жодзіна і Барысавам);

— Столінскім раёне (в. Беражное).

Па Пінскім раёну, уздоўж трасы Р-147, якая вядзе да КПП «Невель», пасты ў кожнай вёсцы, ездзіць ДАІ. Ёсць як ваенныя, так і міліцыя. Людзей спыняюць і даглядаюць.

Учора «Наша Ніва» паведамляла, што пагранічнікі ўзмацнілі ахову граніцы. Лукашэнкаўцы лічылі, што дыверсію ажыццявіла ўкраінская дыверсійна-разведвальная група, якая зайшла на тэрыторыю Беларусі.

«Нагналі людзей, пільнуем кожны кіламетр, каб не даць вярнуцца ва Украіну меркаванай ДРГ», — ананімна паведаміў «Нашай Ніве» суразмоўца з Пагранічнага камітэта. 

Канал «Беларусі за МКАДам» дапаўняе, што ўзмоцненыя патрулі ДАІ і ваенных з аўтаматамі, выстаўлены і ў Столінскім раёне, у раёне вёскі Беражное ў 30 кіламетрах ад мяжы з Украінай.

Нагадаем, учора ранкам каля 9-й раніцы на аэрадроме былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт далёкай разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Кіраўнік аб’яднання Bypol Аляксандр Азараў паведаміў, што расійскі самалёт А-50 атакавалі з паветра. Напад з дапамогай двух дронаў учынілі ўдзельнікі плана «Перамога», яны цяпер у бяспецы.

Самалёт у Мачулішчах атакавалі двума дронамі беларусы, удзельнікі плана «Перамога» — Азараў

Nashaniva.com