«Жэстачайшай дысцыпліны!» Лукашэнка адчытаў кіраўніцтва сілавога блоку. На Хрэніне не было твару

Пасля нарады з сілавікамі ў вузкім коле Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад іх «жэстачайшай дысцыпліны», асабліва на граніцы. Нарада адбылася на наступны дзень пасля дыверсіі ў Мачулішчах. Падрыў самалёта не згадваўся, але Лукашэнка выглядаў заклапочаным. На міністры абароны Віктары Хрэніне не было твару.

27.02.2023 / 15:13

Скрыншот відэа з «Пула першага»

«Яшчэ раз хачу патрабаваць ад вас жэстачайшай дысцыпліны ў воінскіх падраздзяленнях МУС і КДБ. Жэстачайшай дысцыпліны!

Кожны павінен займацца сваёй справай. У нас немалая колькасць людзей у пагонах, усе ўзброены, гэтыя людзі заточаны на абароны свайго грамадства. Гэтым нам трэба карыстацца, дысцыпліна і выкананне сваіх абавязкаў — асабліва на мяжы.

Я калі кажу пра мяжу, гэта не значыць, што гэта падраздзяленне Лапо — і ўсё. Гэта міліцыя, гэта КДБ, гэта ваенныя — мы ўсе павінны бачыць на рубяжах нашай краіны любую, самую дробную агрэсіўнасць у адносінах нашай дзяржавы, каб прыняць адпаведаныя меры рэагавання. Яны выкарыстоўваюць любыя выпадкі, каб ускалыхнуць сітуацыю ў Беларусі», — сказаў Лукашэнка.

Скрыншот відэа з «Пула першага»

За сталом, апроч Хрэніна, сядзелі начальнік Генштаба Аляксандр Вальфовіч, кіраўнік КДБ Іван Церцель, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і старшыня Дзяржапагранкамітэта Анатоль Лапо.

Nashaniva.com