«ПВК Р’ёдан» ужо ў Мінску. Плануюць сустрэчу на Каменнай Горцы

Цягам лютага ў Расіі і Украіне распаўсюдзілася незвычайная субкультура, якая называе сябе «ПВК Р’ёдан». Паблікі субкультуры з’явіліся для Гомеля і Магілёва, і, як стала вядома, гэтая з’ява не абмінула і Мінск.

28.02.2023 / 16:54

Фота: mozd.blr / Tiktok

«ПВК Р’ёдан» ніяк не звязаная з вайсковымі кампаніямі, гэтая абрэвіятура мае хутчэй жартоўны характар. Гэта супольнасць нефармалаў і аматараў анімэ, у прыватнасці, анімэ Hunter x Hunter. Прыхільнікі «Р’ёдана» носяць штаны ў клетку, доўгія валасы, а таксама цішоткі з выявамі павукоў і лічбай 4, што і адсылае да анімэ. У Расіі яны выступаюць супраць футбольных фанатаў-ультрас, мігрантаў і выхадцаў з Каўказа.

У Расіі «ПВК Р’ёдан» ужо набыла вядомасць праз сутыкненні з футбольнымі фанатамі, хваляванні з удзелам субкультуры прайшлі і ва Украіне. У абедзвюх краінах праваахоўнікі зацікавіліся супольнасцю, і ўкраінскія сілавікі спрабуюць зразумець, ці ёсць у распаўсюджванні субкультуры расійскі след.

У Беларусі пакуль не было сутычак з удзелам «Р’ёдана», але ўжо з’явіліся прысвечаныя субкультуры паблікі. Спачатку стала вядома пра старонкі ў тэлеграме, якія каардынуюць прыхільнікаў у Гомелі і Магілёве, таксама «Р’ёдан» мае і сваю старонку для Мінска.

Месціцца яна ў тыктоку і мае на момант напісання артыкула 612 падпісантаў. Мінскае «падраздзяленне» назвалі «МОЗД «Андеграунд» — расшыфроўваецца, як тлумачаць самі аўтары старонкі, як «Минское объединение здравого движения». Самае папулярнае відэа ў акаўнце выйшла ўсяго 16 гадзін таму, але ўжо мае больш за 35 тысяч праглядаў, і іх колькасць расце на вачах. У ім прадстаўнікі субкультуры прапануюць зладзіць сустрэчу ў раёне Каменнай Горкі і дэманструюць фота гіпермаркета Green — магчыма, гэта месца будучай сустрэчы.

Яшчэ ў акаўнце ёсць чатыры відэа, якія маюць недзе па 2-3 тысячы праглядаў, самы ранні з ролікаў з’явіўся чатыры дні таму. У адным з іх, напрыклад, сцвярджаецца, што падраздзяленне, якому належыць акаўнт, не бярэ ў палон, і дэманструюцца кадры з барцамі ў зале.

У Гомелі і Магілёве аднамомантна з’явіліся паблікі небяспечнай моладзевай субкультуры «ПВК Р’ёдан»

Мода ў эпоху нявызначанасці. Што мы будзем насіць гэтай вясной і чаму

Асцярожна, хіпі! — Архіўныя карыкатуры з савецкага «Вожыка»

Nashaniva.com