У Ганцавіцкім раёне за бесцань прадаюць старую панскую сядзібу ў добрым стане

Яшчэ мінулай вясной за стогадовы панскі дом у Агарэвічах Ганцавіцкага раёна хацелі атрымаць 159 тысяч рублёў. Але паколькі гэты дом — гісторыка-культурная каштоўнасць, то новаму ўладальніку трэба было падпісаць ахоўнае абавязацельства. Але ахвотных аформіць гэтую куплю дагэтуль не знайшлося, таму цяпер сядзіба выстаўленая на аўкцыён усяго за адну базавую велічыню (37 рублёў), піша «Ганцавіцкі час».

01.03.2023 / 23:52

Гэты дом пабудавалі ў 1911 годзе. Спачатку сядзіба належала роду Свяржынскіх, а перабудоўвалі яе пры Апацкіх. У 1939 годзе дом спустошылі, гаспадыню маёнтка саслалі ў Сібір. Дом доўга стаяў закінутым, аднак у пачатку 1990-х яго адрамантавалі і ўсярэдзіне нават абсталявалі невялікую гасцініцу. Увосень 1994-га ў Агарэвічах прымалі конныя спаборніцтвы, якія праходзілі акурат пры гэтым доме.

У розны час сядзібу наведвалі чыноўнікі з урада, прытым найвышэйшага рангу: прэм'еры Вячаслаў Кебіч, Міхаіл Чыгір і Міхаіл Мясніковіч. А з Вялікабрытаніі і Швейцарыі ў Агарэвічы прыязджалі і нашчадкі былых уладальнікаў сядзібы.

Да нядаўняга часу ў сядзібе размяшчалася сталовая работнікаў сельгаспрадпрыемства «Беразавец», аднак урэшце гаспадарцы стала нявыгадна ўтрымліваць гэты аб'ект.

Будынак аднапавярховы, ягоная плошча — 324 «квадрата». Ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон. Ёсць прыбудова, брыгадны дом, танцпляцоўка з мостам, участак больш чым на 2 гектары. Набытак можна выкарыстоўваць пад прадпрымальніцкую дзейнасць або пад жыллё.

Аўкцыён пройдзе 31 сакавіка.

Nashaniva.com