Гамяльчук паскардзіўся чыноўніку на жудасны смурод з кватэры памерлага суседа. Што яму адказалі?

Дзяржаўная прэса расказвае, з якімі пытаннямі беларусы звяртаюцца да чыноўнікаў падчас асабістых прыёмаў і тэлефонных прамых ліній. Часам яны даволі незвычайныя.

04.03.2023 / 18:45

Да намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэя Бараноўскага дазваніўся жыхар абласнога цэнтра. 

Як распавёў мужчына, ягоны сусед нядаўна памёр. Ён шмат піў і складзіраваў у пакоях кватэры смецце, якое цяпер невыносна смярдзіць. Цяпер дзверы запячатаны. Сваякі ў спадчыну ўступаць адмаўляюцца, на кватэры шмат даўгоў.

Чыноўнік Бараноўскі спаслаўся на заканадаўства і загадаў цярпець. Ён заявіў, што існуюць санітарныя нормы, таму да вырашэння праблемы будуць прыцягнутыя санслужба і камунальнікі, якія будуць правяраць пад'езд на адпаведнасць нарматывам.

Але ўскрываць кватэру нельга, бо гэта па-ранейшаму прыватная ўласнасць. Калі пройдзе паўгода, і ў спадчыну ніхто не ўступіць, жыллё будзе адчужанае на карысць дзяржавы, тады ў дзяржслужбаў будзе поўнае права навесці ў ім парадак.

Nashaniva.com