Мінкульт акрэсліў, што трэба зрабіць артыстам з чорных спісаў для вяртання на сцэну

Пад час ток-шоў «Па сутнасці» на СТБ усплыло пытанне адносна лёсу беларускіх артыстаў, якія падтрымалі ў 2020 годзе пратэсты і з-за гэта фактычна атрымалі забарону на прафесію ў Беларусі. 

07.03.2023 / 17:24

Ірына Дрыга ў студыі праграмы «Па сутнасці». Скрыншот з відэа

У ходзе абмеркавання абодва вядучыя ток-шоў (Алена Сырова і Кірыл Казакоў) прыйшлі да думкі, што такія артысты могуць вярнуцца на сцэну ў Беларусі, калі выканаюць пэўныя патрабаванні.

Патрабаванні тут жа акрэсліла былая намесніца міністра, а цяпер начальніца галоўнага ўпраўлення культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва, член «камісіі па вяртанні» на чале з генпракурорам Шведам Ірына Дрыга.

Патрабаванняў два, але сутнасць у іх адна — публічнае прыніжэнне. 

Па-першае, такія артысты павінны публічна заявіць пра сваю пазіцыю і адзначыць прыналежнасць да пэўнай групы людзей. 

Па-другое, яны павінны прыняць удзел у «культурных праектах, якія маюць грамадска-палітычны характар», то-бок праектах відавочнай праўладнай скіраванасці.

Пры гэтым Дрыга адзначыла, што асобныя дзеячы культуры, якія нібыта каюцца, у той жа час адмаўляюцца ад прапаноў паўдзельчаць ў спецмерапрыемствах.

Яны, маўляў, згодныя прымаць удзел у камерцыйных канцэртах, але якраз туды іх не запрашаюць.

Не ўсе раскайваюцца шчыра, засцерагае чыноўніца і прыводзіць у якасці прыкладу акцёра Паўла Харланчука, які быў удзельнікам вельмі ўжо далёкай Плошчы-2006 і патрапіў у чорныя спісы яшчэ тады.

«Вельмі актыўным перад Кастрычніцкай плошчай быў. Пасля з аднаго тэатра яго адправілі. Пакаяўся, прыйшоў у той самы Купалаўскі тэатр. Чорнага кабеля не адмыеш дабяла. Усё роўна яго сутнасць выявілася», — канстатуе чыноўніца, якая даўно набыла ў вачах культурніцкай супольнасці вельмі адыёзную рэпутацыю.

Чытаць яшчэ: 

За месяц лукашысты дачакаліся «ажно» 23 зваротаў у «камісію па вяртанні». Але яны іх не цешаць

 Міністр культуры: Здраднікам не месца на сцэне

Nashaniva.com