Сырскі патлумачыў, чаму Украіна не здае Бахмут

Камандуючы Сухапутных войскаў УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што актуальнасць утрымання абаронцамі горада Бахмут Данецкай вобласці толькі расце.

09.03.2023 / 14:42

Фота: Сухапутныя войскі УСУ

«Кожны дзень абароны горада дазваляе нам выйграць час для падрыхтоўкі рэзерваў і падрыхтавацца да будучых наступальных аперацый. У той жа час у баях за гэтую крэпасць вораг губляе найболей падрыхтаваную і баяздольную частку свайго войска — штурмавыя атрады «Вагнера», — сказаў Сырскі.

Ён звярнуў увагу на апошнія заявы кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, якія пацвярджаюць, што захоп горада развяжа рукі акупантам для далейшага наступлення з прымяненнем вайсковых і дэсантных часцей на баявой тэхніцы.

«Гэта яшчэ раз даказвае вельмі важную ролю Бахмута ў агульнай сістэме абароны нашай групоўкі. Тысячы ворагаў, якія загінулі пры штурме горада, — таму яркае пацвярджэнне», — падкрэсліў Сырскі.

Ён дадаў, што кожны дзень устойлівага супраціўлення дае абаронцам каштоўны час для змяншэння наступальных магутнасцяў расійскіх захопнікаў.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што захоп Бахмута адкрые для Расіі шлях да іншых населеных пунктаў Данецкай вобласці, таму ўкраінскія абаронцы прадоўжаць абараняць горад, аднак ніхто не павінен быць акружаны.

Nashaniva.com