Лукашэнка 12 сакавіка адправіцца з візітам у Іран

12-13 сакавіка Лукашэнка плануе выправіцца з афіцыйным візітам у Іран, паведаміла БелТА.

10.03.2023 / 19:10

У Тэгеране Лукашэнка плануе сустрэцца з Вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі, прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі, першым віцэ-прэзідэнтам Махамадам Мохберам, старшынёй сходу ісламскага савета Махамадам-Багерам Галібафам. 

Галоўнай тэмай перамоў называецца развіццё ўзаемадзеяння па ўсім спектры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Але асобная ўвага будзе нададзена і сітуацыі ў рэгіёне ды свеце ў цэлым. Чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.

У гэтым годзе Лукашэнка, які з 2020 года амаль нікуды не выязджаў, акрамя толькі Расіі і краін СНД, рэзка актывізаваў сваю міжнародную актыўнасць. Гэты візіт за межы былога СССР з пачатку года для яго ўжо трэці з пачатку года: спачатку з 25 студзеня па 4 лютага ён ездзіў у ААЭ і Зімбабвэ, а з 28 лютага па 2 сакавіка наведаў Кітай.

Nashaniva.com