Лукашэнка павіншаваў Папу з 10-годдзем пантыфікату і знайшоў шмат супадзенняў сваіх поглядаў і Папы 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яго погляды на вайну ва Украіне супадаюць з меркаваннем Папы. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні Папу Францішку з нагоды 10-й гадавіны пантыфікату.

13.03.2023 / 09:27

«Шмат у чым нашыя погляды супадаюць. Па-першае, у неабходнасці шчырага пошуку міру ва Украіне і прыкладанні ўсіх магчымых намаганняў для яго ўстанаўлення з боку як палітычных лідараў, так і звычайных грамадзян.

Па-другое, у патрэбнасці глыбокага пераасэнсавання існуючых адносін у глабальнай палітыцы.

Згодны з Вамі, што ўвесь свет — гэта брацкія сувязі, заснаваныя на прабачэнні, яднанні, прымірэнні, а не на прыгнёце, паглынанні і навязванні сваіх поглядаў. Гэта адзін з пасылаў, якіх Беларусь прытрымліваецца ў межах абвешчанага Года міру і стварэння», — гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка таксама выказаў шкадаванне, што не ўсе падзяляюць імкненне «слухаць і чуць адзін аднаго, весці перамовы і супрацоўнічаць». Ён пажаліўся пантыфіку, што ўжо другі год не можа «растлумачыць Захаду бесперспектыўнасць ціску на Беларусь».

Nashaniva.com