У Маскве знік памочнік Мясніковіча

У Маскве знік Дзмітрый Шадко, памочнік старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Мужчыну не могуць знайсці ўжо тры дні, піша «База».

13.03.2023 / 14:35

Дзмітрый Шадко — грамадзянін Беларусі. Апошнім часам, паводле «Базы», ён працаваў у Маскве і жыў на Серпухаўскім вале.

Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (орган Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Кіргізія, Расія, Казахстан).

Па словах калег, Дзмітрый быў вельмі пунктуальным і надзейным супрацоўнікам: ён заўсёды папярэджваў аб сваіх перасоўваннях або адгулах.

Апошні раз Шадко бачылі 9 сакавіка, а на наступны дзень ён знік.

Супрацоўнік ЕЭК не прыйшоў на важную нараду, а яго тэлефон быў выключаны.

Знаёмыя Шадко ўспомнілі, што апошнім часам мужчына часта скардзіўся на спіну: маўляў, так баліць, што нават не ўстаць, таму выказалі здагадку, што Дзмітрый можа проста ляжаць дома. Кватэру, дзе ён пражываў, выявілі, аднак там нікога не было. Памяшканне агледзелі паліцэйскія, але нічога крымінальнага не знайшлі. Шадко працягваюць шукаць.

Nashaniva.com