Для эксперткі па этыкеце Зарэцкай і рэкламіста Караўца запрасілі пакаранне ў выглядзе калоніі

Суд над эксперткай па этыкеце Аксанай Зарэцкай і ўладальнікам фірмы Astronim Багданам Караўцом пачаўся 10 сакавіка. Сёння дзяржабвінавачанне запрасіла ім пакаранне.

14.03.2023 / 15:01

Зарэцкай запрасілі паўтара года калоніі, Караўцку — два гады калоніі.

Іх судзяць разам і абвінавачваюць па «народным» артыкуле за «актыўны удзел ці арганізацыю дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак», піша тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.

У абодвух ёсць непаўналетнія дзеці.

Падчас судовых спрэчак адвакат падсудных падкрэсліла, што парушэнне закону, якое інкрымінуюць Аксане і Багдану адбылося больш за 2 гады таму. З таго часу абвінавачаныя ніякіх законаў не парушалі, працавалі на карысць краіне і не пераехалі, нягледзячы на такую магчымасць. У якасці змякчальных абставінаў абаронца таксама давяла сямейныя складанасці ў абодвух абвінавачаных.

У бацькі Аксаны Зарэцкай праблемы са здароўем, Багдан выхоўвае дзіця з інваліднасцю. Таксама ў якасці хадайніцтваў да пісьмовых матэрыялаў справы былі далучаны шматлікія станоўчыя характарыстыкі на абодвух абвінавачаных з розных месц працы.

У сваім апошнім слове Аксана Зарэцкая папрасіла прабачэння ў сям’і за тыя выпрабаванні, якія ім давялося вытрымаць у сувязі з яе пазбаўленнем волі.

«Я думала, што магу перажыць любое пакаранне, але развітанне з роднымі і іспыты для блізкіх — самае складанае», — адзначыла Аксана.

Nashaniva.com