Міхась Янковіч. А ці вясна тут будзе? Верш

Ад Рэдактара. На цемру, якая агарнула родны край, людзі рэагуюць па-рознаму. Мяркуючы па рэдакцыйнай пошце, многія, хто раней рэдка пісаў, сталі пісаць — паведамленні, успаміны, назіранні, а нехта і вершы. І ў гэтай паэзіі цёмных дзён я адчуваю выразныя матывы з паэзіі «першага нашаніўскага перыяду», пачатку ХХ стагоддзя. Некалькі такіх вершаў мы апублікуем гэтымі днямі. З часам гэтыя псеўданімы раскрыюцца.

16.03.2023 / 19:59

Фота з сацсетак

Незнаёмыя вокны,
незнаёмыя людзі… 
Сакавік на надворку, 
а ці вясна тут будзе? 

Тут калісьці жылі мы, 
мелі мары, надзеі, 
а цяпер у пашане 
махляры ды зладзеі. 

Не жывём — выжываем, 
не жыццё — існаванне.
Перарэзалі жылы 
і пакінулі ў ванне.

Замест мараў — пустэча, 
холад глебы астылай.
Лямантуе надзея 
па-над свежай магілай, 

і зліваюцца гукі 
ў калыханку распаду: 
«Ўсё мінае, мой хлопчык. 
Квецень гэтага саду 

ўжо ніколі не ўбачаць 
твае згаслыя вочы. 
Засынай назаўсёды 
у краі вечнай ночы…» 

Выйдзе сейбіт — ці знойдзе 
лапік глебы прыдатнай, 
ці адно толькі пустку 
пад нягашанай вапнай?

Nashaniva.com