У Маладзечне пры продажы яек бяруць асобную аплату за латок

Журналісты заўважылі ў адной з крам Маладзечна яйкі, расфасаваныя адныя ў звычайныя поліэтыленавыя пакеты, а іншыя ў спецыяльныя латкі. Пры гэтым паміж па-рознаму ўпакаванымі яйкамі была розніца ў цане, піша «Анлайнер».

16.03.2023 / 22:12

За латок пакупнікам трэба заплаціць асобна 14 капеек, дадатковы цэннік прымацавалі на вітрыне побач з латкамі.

Калі ўзяць і яйкі, і латок, то пакупнік плаціць 2,59 рубля. Калі браць такія ж яйкі, але ў пакеце, яны будуць каштаваць 2,45 рубля.

У адміністрацыі крамы растлумачылі, чаму латок прадаюць асобна: яйкі без упакоўкі «адгрузіў адзін з пастаўшчыкоў», і «кампанія закупіла латкі асобна», у іх самі работнікі крамы і фасуюць прадукт.

У пакупнікоў жа ёсць выбар — купляць яйкі ў пакеце ці разам з латком, плацячы дадатковыя грошы.

Nashaniva.com